ПРАДМОВА


Вывучэнне беларускай нацыянальнай мовы займае важнае месца ў сістэме філалагічнай адукацыі. Дысцыпліна “Сучасная беларуская мова” дае ўяўленне аб слоўнікавым складзе, фразеалагічным фондзе,  гукавым ладзе, арфаэпіі, графіцы, арфаграфіі мовы як адметна арганізаванай сістэме. Курс накіраваны на тое, каб пазнаёміць студэнтаў з багаццем і самабытнасцю гукавой і пісьмовай формаў беларускай мовы, садзейнічаць выхаванню паважлівага стаўлення да мовы як помніка нацыянальнай культуры і духоўнасці. Неабходнасць і актуальнасць курса тлумачыцца тым, што ён спрыяе вырашэнню задачы гісторыка-культурнага асваення студэнтамі нацыянальнай спадчыны беларускага народа шляхам вывучэння такіх важных складнікаў мовы, як лексікон, фразеалагічны фонд, фанетыка, арфаэпія, графіка, арфаграфія. Курс арыентуе на ўсебаковае апісанне лексікі, фразеалогіі, гукавога ладу і пісьмовай формы мовы як жывой і рухомай з’явы, дапамагае зразумець  іх дынаміку і асноўныя тэндэнцыі развіцця.

Вывучэнне дысцыпліны “Сучасная беларуская мова” адбываецца ў цеснай сувязі з іншымі лінгвістычнымі дысцыплінамі: “Уводзіны ў мовазнаўства”,  “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы”, “Сучасная руская мова”.

Змест вучэбнага матэрыялу, які дадзены ў электронным вучэбна-метадычным комплексе (далей – ЭВМК), уключае вучэбную праграму, тэарэтычную частку, практыкум (пытанні для самакантролю, практыкаванні), пытанні  да заліку, спіс літаратуры, тэсты.

Мэта ЭВМК – дапамагчы студэнтам засвоіць асноўныя палажэнні курса; сфарміраваць сістэму ведаў па лексіцы, фразеалогіі, фанетыцы, фаналогіі, арфаэпіі, графіцы, арфаграфіі; садзейнічаць забеспячэнню метадалагічнай падрыхтоўкі студэнтаў-філолагаў для паглыбленага і мэтаскіраванага вывучэння  беларускай літаратурнай мовы.

Задачы ЭВМК:

Студэнт, які засвоіў праграмны матэрыял курса “Беларуская анамастыка”, павінен ведаць:

– сістэму сучаснай беларускай мовы на розных яе ўзроўнях – фанетычным, графічным, арфаграфічным, лексічным, фразеалагічным;

– лексічныя, фразеалагічныя, арфаэпічныя, графічныя, граматычныя, арфаграфічныя, пунктуацыйныя нормы сучаснай беларускай мовы;

– прынцыпы і правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі;

– лінгвістычную тэрміналогію;

– навуковую і даведачную літаратуру па лексікалогіі, фразеалогіі, фанетыцы, фаналогіі, графіцы, арфаграфіі;

умець:

– адбіраць, сістэматызаваць і правільна кваліфікаваць моўныя факты;

– праводзіць лінгвістычныя назіранні, рабіць абагульненні і вывады;

– прафесійна працаваць з лінгвістычнымі слоўнікамі розных тыпаў;

– умець свабодна карыстацца моўнымі і моўна-выяўленчымі сродкамі ў розных камунікатыўна-маўленчых умовах;

– рабіць  лексічны, фразеалагічны, фанетычны, графічны, арфаграфічны разборы;

– змяняць словы і правільна ўжываць іх формы пры пабудове словазлучэнняў і сказаў у тэкстах пэўнага тыпу;

– бачыць вобразна-выяўленчыя магчымасці розных часцінаў мовы ў тэксце, выкарыстоўваць іх у сваім маўленні;

– ствараць тэматычна і структурна завершаныя, разнастайныя паводле жанраў тэксты;

– заўважаць і выпраўляць лексічныя, фразеалагічныя, граматычныя, арфаграфічныя, пунктуацыйныя і стылістычныя памылкі вучняў;

– рэдагаваць тэксты розных стыляў;

– валодаць культурай вуснага і пісьмовага маўлення.

Тэарэтычныя звесткі па праблемах лексікі, фразеалогіі, фанетыкі, пададзеныя ў ЭВМК, прадугледжаны ў такім аб’ёме, засваенне якога паслужыць трывалай асновай для авалодання практычнымі ўменнямі і навыкамі адбору, выкарыстання і асэнсавання моўнага матэрыялу. Курс спрыяе засваенню студэнтамі этнакультурнай вартасці лексікону, фразеалагічнага фонду, гукавога ладу і пісьменнасці ў кантэксце славянскай культуры. Матэрыял ЭВМК дапаможа студэнтам авалодаць навыкамі лінгвапрагматычнага і лінгвакультуралагічнага аналізу лексічных, фразеалагічных, фанетычных, графічных, арфаграфічных з’яў беларускай мовы.

Распрацаваны змест практыкуму па асноўных тэмах: па кожнай тэме дадзены пытанні для самакантролю, прапанаваны практычныя заданні, асноўная ўвага ў якіх звернута на комплексны аналіз моўных адзінак. Для кантролю ведаў прапанаваны пытанні да экзамену і тэсты.

ЭВМК дапаможа студэнтам засвоіць тэарэтычныя палажэнні па курсе. Пры выкананні практычных заданняў  студэнты змогуць звяртацца да зместу лекцый. Навучэнцам прапануецца работа з навуковай літаратурай, выкананне творчых заданняў.

Вывучэнне дысцыпліны “Сучасная беларуская мова” разлічана на 62 аўдыторныя гадзіны. Размеркаванне па відах заняткаў уключае 30 лекцыйных гадзін і 32  практычныя гадзіны; форма атэстацыі – залік. ЭВМК створаны на аснове АСВА 6-05-0232-02  Руская філалогія; вучэбнага плана ўстановы вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці 6-05-0232-02 Руская філалогія з прафілізацыяй “Літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць”. Рэг. № Філ.-6-004-23/вуч., зацверджанага  23.02.2023 г.